бесплатно рефераты

бесплатно рефераты

 
 
бесплатно рефераты бесплатно рефераты

Меню

Реферат: Роля мовы у жыццi грамадвства бесплатно рефераты

тым, што за сто гадоў моцна зьмяніліся ўмовы і дачыненьні ў Эўропе. Пэрыяд

утварэньня нацыяў якраз закончыўся ў першай чвэрці ХХ-га стагоддзя.

Нацыянальная ідэя ў міжнароднай сьведамасьці стала як бы не актуальнай, бо

гэта ўжо пражыты і пройдзены этап. А значыць аслабілася і гатовасьць да

міжнацыянальнай салідарнасьці. З 80-х гадоў мінулага стагоддзя пашырылася ў

сьвеце ідэя інтэрнацыянальнай дэмакратыі, уздымаецца на катурны міжнародная

дактрына "правоў чалавека", узмацняюцца лібэральныя імкненьні да інтэграцыі

Эўропы і глябалізацыі сьвету. Міжнародныя дэмакраты і міжнародныя лібэралы

працуюць разам над стварэньнем новых дэмакратычных супэр-імпэрыяў, супэр-

дзяржаваў. Для прадстаўнікоў гэтай звышідэалёгіі (гэтай дэмакратыі uber

alles) нашыя, актуальныя для нас, нацыянальныя праблемы стогадовай даўніны,

наша балючасьць, нашае роспачнае імкненьне выкараскацца з той бяздоннай

курапацкай ямы, куды ўсадзілі наш народ недабразычліўцы, нашае стараньне

ўратаваць найперш нашу мову ды незалежнасьць - усё гэта здаецца ім (шмат

каму) анахранізмам. Бо ў іх мова, культура, незалежнасьць - само сабой

зразумелае, яны з гэтым нарадзіліся і думаюць, што ўсё гэта існуе натуральна,

у парадку рэчаў, як горы, рэкі і даліны. Але ж у нас - ня так. Мы мусім,

паскорана мусім прайсьці этап дзяржаўнага ўсталяваньня нацыянальных

каштоўнасьцяў і стабілізаваць нацыю разам з дэмакратыяй. Інакш у нас ня будзе

будучыні. Мы ня можам ігнараваць аб'ектыўныя законы разьвіцьця. Нам трэба

дагнаць гісторыю. Мы маем на гэта найвялікшае права. Бо нас зьнішчалі, нам не

давалі жыць. Побач з фактарам пераменаў, якія адбыліся на працягу ХХ-га

стагоддзя і ўскладнілі беларускую палітыку, застаўся нязьменны чыньнік -

Расея, зь яе шавінізмам, імпэрскімі амбіцыямі і непрыхаванымі

вялікадзяржаўнымі прэтэнзіямі на Беларусь. Гэты чыньнік небясьпечны. Калі б

ня ён, не карэляцыя і не ўзаемадзеяньне яго з пераменамі ў сьвеце, беларускіх

праблемаў у такім выглядзе, у якім яны існуюць сёньня, проста ўжо б не было.

Бальшавіцкі генацыд - гэта вельмі істотны аспэкт у беларускай трагедыі. Ніхто

ня мае права і ніхто ня можа падважваць і адмаўляць нашу незалежнасьць, нашу

беларускую мову, нашыя сымвалы, нашу свабоду, адзінства зямлі і гісторыі, не

спытаўшыся тых амаль трох мільёнаў беларусаў, якіх нявінных забілі ў часе

тэрору. Тых беларускіх пісьменьнікаў, інтэлігентаў, вучоных і простых

сялянаў, якіх расстралялі толькі за тое, што былі беларусамі. Якая ж яна,

нашая сьвятая для нас, Беларуская Мова? Ці можна неяк глянуць на яе збоку,

каб ацаніць аб'ектыўна? Як яна гучыць для іншых, як яе ўспрымаюць? Кожная

свая мова для кожнага народа -- найлепшая і найпрыгажэйшая. І гэта правільна.

Бо ў мове выяўляецца сутнасьць натуры народа, які яе стварыў, відаць яго

душа, адбіваецца сваісты склад розуму і манера думаньня, матэрыялізуюцца

рытмы духа і цела (гэта значыць, тэмпэрамэнту). Таму ў кожнай мове ёсьць свой

характэрны рытм, свая мэлёдыя і сваё гучаньне, а лексіка падпарадкаваная

вобразнай сістэме ўспрыняцьця сьвету людзьмі, якая ў розных этнічных

супольнасьцяў (першасных носьбітаў мовы) адметная. Гэтым тлумачыцца

зьдзіўляючая для некаторых дасьледчыкаў зьява, што разумовыя і творчыя

здольнасьці чалавека найлепш выяўляюцца ў роднай для яго мове. Тут

рэалізуецца сумоўе - гарманізацыя рытмаў, распазнаўчых знакаў, найкарацейшых

дарог паміж розумам, душой, тэмперамэнтам цела і мовай чалавека. Дасягаецца

склад (камплект) аптымальнасьці асобы.Гэта ня толькі тэарэтычныя разважаньні.

Там, дзе можна прааналізаваць зьяву на масавых прыкладах і ў шырокай

практыцы, вынікі відавочныя. У пачатку 90-х гадоў, калі ўзьнікла, нарэшце,

магчымасьць адчыніць беларускія школы ў гарадах і разьвіваць беларускае

школьніцтва, то праз нейкі час было зафіксавана, што беларускія дзеці ў

беларускіх школах лепш пасьпяваюць, лепш вучацца, лепш засвойваюць матэрыял і

лепш разьвіваюцца, чым беларускія дзеці ў такіх жа рускіх школах. Гэта

натуральна. Адбылася гарманізацыя сваістага складу мовы і чалавека,

аптымалізацыя разьвіцьця асобы. Карацей, сваё спаткалася са сваім.

Аналягічную зьяву заўважылі таксама нашыя фальклярысты. Ёсьць шмат

сьведчаньняў такога роду, калі беларус, які сфармаваўся ў горадзе, у рускай

мове, і ўспрыняўшы ўсе праявы савецкай эрзац-культуры, апынуўся раптам у

вясковым асяроддзі сярод удзельнікаў аўтэнтычнага фальклёру і нечакана, пад

уплывам эмоцыяў і ўзрушэньня, уключаўся ў народныя танцы ды сьпевы. У яго

выяўляліся характэрныя рухі танцу і характэрныя прыёмы народнага сьпяваньня.

Ён пачынаў ужывацца ў фальклёрнае дзеяньне, і гэтае дзеяньне, невядомае яму

раней, аказваецца, не было для яго чужым. Людзі кожнага народу, кожнага

этнасу валодаюць характэрнымі рухамі, якія стасуюцца зь іхняй псіхалёгіяй, з

эмацыйным станам, думкамі і мовай, на якой яны гавораць. Гэта мы называем

этнаплястыкай. Гарманізацыя яе з мовай таксама накіраваная на аптымальнае

выяўленьне асобы чалавека. Аказваецца, нацыянальная мова зьяўляецца ня толькі

галоўным чыньнікам сацыяльна-палітычнага адраджэньня нацыі, ня толькі

зьвязваючым элемэнтам нацыянальнай культуры, але і фактарам найлепшага

разьвіцьця асобы чалавека, перашаснай умовай яго гарманічнага існаваньня.

Аднак за 73 гады вырабленага гвалту над беларускай мовай за часы СССР, што

афіцыйна прыкрываўся нібыта палітыкай білінгвізму ў Беларусі, сярод вялікай

часткі насельніцтва стварылася вельмі некарысная зьява для беларускай

культуры, менавіта, крэалізацыя (дэструктыўнае зьмешваньне) беларускай і

рускай моваў. У выніку шмат беларусаў (як правіла, людзей невысокага

культурнага ўзроўню) гаворыць цяпер на гэтакай зьбедненай "паўмове" ці на

своеасаблівай піджын-рускай (гібрыднай) мове. (Успомнім "клясычныя" прамовы

Старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея. Ёсьць і сьвежыя прыклады.)

Трынаццаць гадоў таму мне ўжо прыходзілася пісаць пра разбуральныя вынікі

прымусовага двухмоўя на Беларусі. (Радуга, - Таллинн, 1988, №4) Тады

беларуска-рускі "піджын" я назваў беларускім словам "трасянка", ня думаючы,

што гэты тэрмін прыжывецца потым ў паняцьцях пра мову. Цяперака я паўтару тут

некаторыя палажэньні. Паўмова "трасянка" - галоўная прычына абмежаванага

культурнага ўзроўню. (І цяпер мы разумеем, чаму. Крэалізацыя - гэта не

ўзбагачэньне, а зьніжэньне культуры мовы, якое адлюстроўвае ўпадак культуры

асобы.) Культурны чалавек не размаўляе на крэалізаваным піджын. Таму сфэра

распаўсюджаньня "трасянкі" за савецкія часы - сярэднія і ніжнія

стратыграфічныя сацыяльныя пласты. Грамадзкая лякалізацыя гэтай паўмовы, у

сваю чаргу, забясьпечвае рэпрадукцыю і сацыяльную ўстойлівасьць "трасянкі", а

значыцца, і нізкага ўзроўню духоўнай культуры, якая ў цэлым выяўляе тут

тэндэнцыю да далейшага зьніжэньня. Яшчэ ў 60-80-х гадах стварылася сітуацыя,

калі прычына і вынік бескультур'я зьвязаныя неразрыўна, гэта значыць, прычына

(паўмова) выступае вынікам, а вынік - прычынай. Паўмоўе значнай часткі

насельніцтва Беларусі вельмі згубна адбіваецца на разьвіцьці культуры.

Разумовая энэргія народа траціцца і не атрымлівае разьвіцьця. Прымусовы

савецкі білінгвізм ігнараваў аксіёму, што без вызначэньня прыярытэту чалавек

ня можа адначасна разьвівацца і існаваць у двух культурах. Дызарыентаваная

асоба не атрымлівае паўнавартаснага духоўнага разьвіцьця. Паўмоўны індывідыум

не адчувае тонкасьцяў духоўных сувязяў (што, дарэчы, засяроджана ў мове і

выяўляецца праз гаворку), дрэнна думае абстрактнымі паняцьцямі, часта ня ў

стане тэарэтычна асэнсаваць зьяву, а калі і разумее больш складаныя

дачыненьні, то ня ўмее іх выказаць, сфармуляваць і выразна растлумачыць

субяседніку. Пачынаецца пакутлівы падбор словаў, неадэкватнае ўжываньне

паняцьцяў, заіканьне і спыненьне на кожнай дрэнна дапасаванай фразе,

"эканьне", "мэканьне" і г.д. Тут праяўляецца не паталягічнае заіканьне, а

тармажэньне сьвядомасьці, прыпыненьне на кожным слове як вынік

разбалянсаванасьці думаньня і моўнага выяўленьня, як вынік неразьвітых

здольнасьцяў аперыраваць паняцьцямі і невалоданьне сістэмнай структурай мовы

(бо ў "паўмове", між іншым, адзінай структуры няма). Паўмоўнае існаваньне

прыпыняе ўнутраны спантанны працэс культурнага разьвіцьця чалавека, таму што

тармозіць нацыянальнае самапазнаньне (ідэнтэфікацыю) яго грамадзкага,

культурнага і духоўнага "Я". Аднак здольнасьць да спажываньня культуры пры

гэтым застаецца. Толькі яна, гэтая здольнасьць, зьмяняе арыентацыю з

унутранага сьвету на зьнешняе асяроддзе, з актыўнай пазіцыі на пасіўную

(спажывецкую). У выніку ўзьнікаюць умовы для разьвіцьця і спажываньня масавай

культуры, эрзацу, сурагату, імітацыі духоўных каштоўнасьцяў. Шкоду, якую

наносіць беларускай культуры паўмова "трасянка" (і ўвогуле, дэградацыя мовы,

распаўсюджваньне чужых слэнгаў, жаргонаў, вульгарызмаў, паняцьцяў і г.д.)

ніхто не падлічваў, і, як я ўважаю, ня шмат хто разумее, бо, як мяркуюць,

справа ў прычынах, і зь імі трэба змагацца. Правільна. Але калі б так усё

было проста, то трасянкавыя палітыкі не кіравалі б уладай у дзяржаве.

Найлепшы сродак выратаваньня беларускай мовы - гэта паўсюдна пачаць на ёй

гаварыць. Гаварэм жа, і будуць нас паважаць. Знаёмства зь іншай мовай

пачынаецца са слуханьня, як яна гучыць, з адчуваньня яе мэлёдыкі і рытму

словаў, якія мы ацэньваем, паводле нашага густу ці законаў эстэтыкі.

Ужываюцца ацэнкі: прыгожая -- непрыгожая. Спэцыялісты стварылі нават

адмысловую сістэму тэставаньня моваў па мэлядычнасьці, гучнасьці, колькасьці

адкрытых складоў і звонкіх зычных ды галосных гукаў, камбінацыі звонкіх

зычных з галоснымі, па вакальных магчымасьцях і г.д. Беларуская мова ў

гэтакім тэставаньні займае шостае месца ў сьвеце. Наўрад ці трэба да гэтакіх

дасьледваньняў адносіцца надта сур'ёзна, але ўсяроўна прыемна. Я сустракаў

шмат добрых людзей сярод палякаў, латышоў, украінцаў, ангельцаў, якія былі

захопленыя вымаўленьнем, словамі і мэлёдыкай нашай мовы, прасілі пагаварыць

па-беларуску і слухалі з захапленьнем, нібы музыку. Памятаю, у 70-х гадах я

пазнаёміўся з маладым літоўцам з Каўнаса Ёзасам Рыбікаўскасам. У дзяцінстве

ён прачытаў на пачку з макаронамі словы на незнаёмай мове. Высьветлілася, што

напісана па-беларуску. Ёзаса гэтая мова так зацікавіла і потым так

спадабалася, што ён вывучыў яе, бегла гаварыў, нават вершы пісаў па-

беларуску. Пасьля ён прыязджаў спэцыяльна ў Менск, каб паслухаць беларускую

мову (так яму было прыемна). Праўда, у Менску яго напаткаткала вялікае

расчараваньне. Латышская літаратуразнаўца Мірдза Абала выдатна размаўляе па-

беларуску. У 70-х гадах яна сказала мне, што яе цягне на Беларусь, як

магнітам, і што яна заўсёды стараецца прыехаць на Горадзеншчыну, каб толькі

пагаварыць па-беларуску ды паслухаць беларускае мовы. У цэлым жа, я лічу, што

на сьвеце няма непрыгожых моваў. Кожная мова -- прыгожая, бо выяўляе асабовую

сутнасьць бясконцага, невычарпальнага, шматаблічнага Боскага сьвету.

Гаворачы, напрыклад, пра звонкую мэлядычнасьць італьянскай мовы, у нас

звычайна ўзьнікае жаданьне спаслацца на дасканаласьць бэль-канта, на традыцыі

італьянскай опэры і г.д. Але немагчыма ўявіць у італьянскай мове, скажам,

тувінскі гарлавы сьпеў. Тым часам па сіле ўзьдзеяньня і глыбіні выяўленьня

нашага, але не прывычнага нам сьвету і ў не прывычнай нам эстэтыцы, гэта

ёсьць магутнае мастацтва. Для вобразнага выяўленьня яму адпавядае якраз

тувінская мова. І зьбегі зычных тут вельмі дарэчы. Яны на месцы гэтак жа, як

італьянская вакальнасьць мовы на месцы ў опэрным бэль-канта. Чым я найбольш

захоплены ў Беларускай мове, гэта яе вобразнасьцю і ёмкасьцю слова (і па

зьмесьце, і па гучаньні). Другое, што мне надта падабаецца, гэта

шматварыянтнасьць гучаньня і напісаньня словаў, і потым -- багацьце

сінонімаў. Тут рай для паэтаў, можна плаваць і купацца, плюскацца ў такой

багатай мове, было б толькі што казаць. Калі глянем у гісторыю нашай мовы, то

займае дых. Беларуская мова існавала даўно, яшчэ на племянным узроўні ў

дапісьмовы пэрыяд. На думку гісторыкаў, як мінімум, у VI-м стагоддзі, яна ўжо

была. Але на самай справе - раней. Гэта можна зразумець, аналізуючы гісторыю

і аўтэнтычны фальклёр (асабліва тэксты). У Х-м стагоддзі пісьмовасьць

распаўсюдзілася на Беларусі разам з Хрысьціянствам у чужой старабаўгарскай

мове. Гэтая славянская мова, часткова набліжаная да беларускай, стала

адыгрываць ролю афіцыйнай, кніжнай, "граматнай" мовы, мовы, на якой пішуць і

размаўляюць пісьменныя людзі (найперш, сьвятары і сацыяльныя вярхі). У пэўнай

ступені, яна займалала такое ж становішча ў старажытнай Беларусі, як пазьней

- мова вярхоў у Атаманскай імпэрыі. Старабаўгарская мова ў беларускай

культуры - гэта была мова бяз этнасу, гэта ад пачатку была мёртвая мова.

Паступова, з разьвіцьцём грамадзтва і ўскладненьнем функцыяў дзяржавы,

адбывалася лексічнае ўзаемапранікненьне моваў і экспансія жывой беларушчыны ў

мёртвую кніжную мову. Асабліва гэта стала відаць у ХІV- ХV стагоддзях. Ужо ў

ХVІ-м стагоддзі, у пэрыяд Рэнесансу, мёртвая старабаўгарская мова зьнікае з

грамадзкага ўжытку і лякалізуецца толькі ў праваслаўнай царкве, і то, як

царкоўны (царкоўна-славянскі) афіцыёз. У дзяржаўных і грамадзкіх дачыненьнях

у Вялікім Княстве Літоўскім запанавала старабеларуская кніжная мова, якая

канчаткова выцесьніла, запаланіла і перамагла ранейшую кніжную

старабаўгарскую мову. Тут варта заўважыць, што рускія савецкія гісторыкі-

шавіністы называлі старабаўгарскую мову "древнерусским языком" і будавалі на

гэтым цэлыя антынавуковыя канцэпцыі аб міфічным "древнерусском государстве"

(пад якім падразумевалі Кіеўскую Русь і часова залежныя ад яе землі), аб

"узьнікненьні" беларусаў, украінцаў і рускіх зь міфічнай "древнерусской

народности" і аб пачатку беларускай мовы з ХIV стагоддзя, а беларускай

гісторыі - з 1917 года. Рускія афіцыёзныя гісторыкі прыдумвалі гісторыю, каб

абгрунтаваць нібыта натуральнасьць існаваньня СССР, расейскі каляніялізм і

расейскія прэтэнзіі на Ўкраіну і Беларусь. Я сказаў у пачатку, што,

азіраючыся на гісторыю нашай мовы, займае дых. Таму што на старабеларускай

дзяржаўнай мове неверагодна шмат напісана, таму, што я зачараваны яе

багацьцем, вобразнасьцю, распрацаванасьцю і хараством. Пачытаўшы на

старабеларускай кніжнай мове, разумееш, чаму Максім Багдановіч, седзячы ў

расейскім горадзе Яраслаўль і акунуўшыся ў чытаньне гэтай мовы, стаў вялікім

паэтам. Вось жа і сапраўды, што "як алень спрагнелы, мкнець да вады

крынічнай, шукаю Бога я". Апошняя зьмена кніжных і афіцыйных моваў адбылася

шмат дзе ў Эўропе (і ня толькі ў Эўропе) у ХVIII-ХІХ стагоддзях, у пэрыяд

узьнікненьня нацыянальных рухаў супраць імпэрыяў, з разьвіцьцём літаратуры

рамантызму і ў выніку стварэньня нацыянальных дзяржаваў. У гэты час

адбываецца пранікненьне ў літаратурны і афіцыйны ўжытак народнай мовы (гэта

значыць мовы, на якой гаварылі і сьпявалі шырокія масы народа). Менавіта

гэтая мова стала мовай нацыянальнай літаратуры, менавіта за яе змагаліся

нацыянальныя рухі, менавіта на ёй будавалася нацыянальная дзяржава і новая

нацыянальная культура. Беларуская гісторыя, таксама як і гісторыя іншых

народаў, добра ілюструе гэты моўны працэс. Цяперака, азірнуўшыся за сабой,

углядаючыся ў глыбіню, у наш народны лёс, можам сказаць коратка і ёмка:

Беларуская мова - гэта мы. Але ёсьць яшчэ вышэйшая цана мовы, якая не

вымяраецца нават жыцьцямі. Мова належыць усім пакаленьням народу, якія жылі

дагэтуль і якія будуць жыць потым. Мова належыць мінуламу і будучыні. Ніхто

ня мае права разбуральна распараджацца лёсам нацыянальнай мовы (а толькі

станоўча), ніякі чалавек і ніякое пакаленьне народу. Мова ёсьць

трансцэндэнтная, вечнасная каштоўнасьць нацыі. Таму пытаньне існаваньня ці

абмежаванасьці ўжываньня мовы ніколі і нідзе не вырашаецца на рэфэрэндумах.

Бо людзьмі (пакаленьнем) могуць маніпуляваць. Не дазваляюць вынясеньня лёсу

мовы на рэфэрэндум і беларускія законы. У цяперашніх абставінах, калі ўлады

рэжыму прыніжаюць беларускую мову, зачыняюць беларускія школы ды беларускія

газэты, па афіцыйных крыніцах вядома, што больш за 86 адсоткаў грамадзянаў

Беларусі лічаць беларускую мову сваёй роднай, але толькі каля сарака адсоткаў

карыстаюцца ёй ў жыцьці. І тут узьнікае пытаньне, якое мне задавалі ўсюды, на

якое ня проста адказаць і цяжка ўсім растлумачыць. Бо не разумеюць. Пытаньне

гэтае гучыць так: "А чаму беларусы між сабой не гавораць па-беларуску?" Усе

на сьвеце між сабой гавораць па-свойму. Цыганы, якія ніколі ня мелі і ня

маюць сваіх школаў, бо не існуе цыганскай пісьмовасьці, а між сабой --

гавораць па-цыганску. Ня знойдзеш цыгана, які б не гаварыў па-цыганску. Дык у

чым жа справа? Ня стану і я адказваць на дзіўнае пытаньне, тым больш,

паўтаруся, што нідзе нас у гэтым не разумеюць. Зазначу толькі, што, для

датрыманьня чалавечай годнасьці і нават найпрасьцейшага культурнага звычаю ці

маральнага рушэньня, заўсёды патрэбнае стараньне і сіла духа. У канцовым

выпадку вырашае воля. Нішто ня можа перамагчы волю людзей, калі яна моцная і

калі яна ёсьць. З гэтага гледзішча не павінна б існаваць праблемы беларускай

мовы ў Беларусі. Бо заўсёды можа стацца так, як усе захочуць. Мы мусім

усьвядоміць, што ў нас самых засяроджаная велізарная магчымасьць: без вялікай

бойкі, бяз грукату, бяз шуму і страт у корані перамяніць становішча і высока

падняць нашу беларускую мову ў нашай краіне. Менавіта так думаюць і робяць

усе ва ўсім сьвеце. Патрэбныя толькі хаценьне, воля і добры чын. Дык чаму ж

беларус зь беларусам не гавораць па-беларуску?..

Страницы: 1, 2